РУС БЕЛ ENG

Классному руководителю

Завочнае падарожжа “Цікавыя мясціны Беларусі”

Завочнае падарожжа “Цікавыя мясціны Беларусі”

Мэта: стварэнне ўмоў для пашырэння ведаў вучняў пра гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, выхавання пачуццяў патрыятызму і грамадзянскасці, нацыянальнай самасвядомасці, гонару за Беларусь.

Задачы: пашырыць кругагляд навучэнцаў; фарміраваць пачуццё патрыятызму;

фарміраваць у вучняў станоўчы вобраз Рэспублікі Беларусь самастойнай і незалежнай дзяржавы;

працягваць фарміраваць актыўную дзяржаўную і асабістую пазіцыю падрастаючага пакалення; выхоўваць любоў і павагу да беларускай літаратурнай і культурнай спадчыны; спрыяць развіццю пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей. спрыяць развіццю самастойнага мыслення, камунікатыўнай культуры.

Ход мерапрыемства

Верш ГАРАДЫ

Пакуль жывуць — наш слаўны Мiр i Тураў

i Полацк прадаўжае над Палатай ззяць —

Не прападзе славянская культура,

Не дасць нiкому ў часе сумаваць!..

Ёй на прасторах — толькi пашырацца,

Бо ў нас на таленты багатая зямля.

А талент (ды памножаны на працу)

Усходы добрыя дае пасля.

I кожны майстра, творчая натура,

Самааддана творцы крыж нясе.

Не прападзе славянская культура —

Там, дзе дабро тварыцца пакрысе!..

Удзел яе — каб быць на стрыжнi зносiн,

Не руйнаваць

Нi гнёздаў, нi святынь;

А колькi ўратаваць ёй удалося

Пачэзлых душ, —

Растоптаных пры тым…

Пакуль жывуць — наш слаўны Мiр i Тураў

i Полацк у званы Сафiйкi б’е, —

Не прападзе магутная культура

i будзе вечна жыць народ яе!..

 

Добры дзень, паважаныя прысутныя. Вы ўжо здагадаліся, што сённяшняя размова пойдзе пра нашу родную Беларусь, родныя мясціны. Яны прывабліваюць не толькі нас, жыхароў Беларусі, але і прадстаўнікоў іншых краін, якія з цікавасцю і захапленнем наведваюць гэтыя куточкі, звязаныя з мінулым жыццём Беларусі. Акрамя таго, іх цікавіць і сучаснае жыццё беларусаў.

Нездарма зараз мы звяртаемся да гэтай тэмы, бо 2022 г. згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлены Годам гістарычнай памяці.

Гісторыя — гэта падмурак, без якога немагчыма пабудаваць будучыню. Для развіцця любога грамадства вельмі важна захаваць і перадаць нашчадкам свой перажыты вопыт і назапашаныя каштоўнасці, стаўленне да герояў, перамог і паражэнняў.

Ведаць гісторыю — значыць быць патрыётам, думаючай і свабоднай асобай, якая ўмее арыентавацца ў сучасным зменлівым свеце і рабіць правільны выбар. Наш гістарычны выбар — незалежная, моцная і квітнеючая Беларусь.

Таму сёння мы адправімся ў завочнае падарожжа па нашай роднай Бларусі, самабытнай,  багатай, прыгожай і свабоднай краіне.

(Прагляд відэароліка)

Зараз звяртаемся да вас з такім пытаннем: Цікавыя мясціны для вас — гэта што…? Чаму вы хацелі б наведаць менавіта гэту мясціну?

Дзякуй за вашы выказванні і меркаванні.

У нашай краіне ёсць што паглядзець і дзе пабываць. І першым прыпынкам ў нашай вандроўцы будзе замак Пуслоўскіх, які знаходзіцца ў Косава. (пасля прэзентацыі размясціць на карце малюнак з мясцінай ў адпаведнае месца)

Беларусь багата на прыгожыя краявіды, ад якіх аж захоплівае дух. Прыкладам могуць стаць нацыянальныя паркі “Браслаўскія азёры” і Нарачанскі, крэйдавыя кар’еры каля Ваўкавыска, Пра адзін з такіх куткоў зараз і даведаемся.

Што называюць «беларускім морам»? (возера Нарач) Возера Нарач — наспупны прыпынак. (сям’я Лісоўскіх)

Люблю твае, Нарач, затокi i тонi... М. Танк

Люблю твае, Нарач, затокi i тонi,

як вецер густыя туманы развесiць,

цi пена срабрыста на хвалях зазвонiць,

цалуючы зоры, калышучы месяц.

Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,

раскінуўшы сінія хваляў палотны,

ці шэрымі днямі сумуеш маркотна

з рыбацкімі песнямі, з шумным чаротам.

Люблю твае буры, твае навальніцы, -

ў іх чую, як песні, жыццё маладое…

І хочацца блізка грудзьмі прытуліцца

да чорных ад гневу магутных прыбояў.

На Беларусі захавалася шмат помнікаў, якія нагадваюць пра Вялікую Айчынную вайну: Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Курган славы, Лінія сталіна. З адным з гэтых помнікам мы і азнаёмімся (сям’я Паплаўскіх)

А зараз праслухайце радкі пра Хатынь.

В. Жуковіч. Бусел над Хатынню

Пакружыўся над Хатынню бусел

сонечна-пагодлівай вясною:

коміны стаяць. І людзі ў скрусе.

А нідзе хаціны ні адной.

Заміраюць галасы людскія,

гукі абуджальнае вясны,

і плывуць трывожныя такія,

тонкія жалобныя званы.

Пакружыўся над Хатынню бусел

і паплыў у светлую смугу.

Ён не ведаў болю Беларусі,

пэўна ж, ён адчуў яе тугу.

Пакружыўся бусел над Хатынню

і ў смузе пад воблакамі знік.

Папялішча ўсё яшчэ не стыне,

і ў грудзях не замірае крык.

У апошні час папулярным стаў адпачынак, які знаёміць турыстаў з этнаграфічнымі асаблівасцямі нашай краіны. Аднаўляюцца шляхецкія сядзібы і маёнткі і жыллё звячайных сялан. Жыхары нашай краіны могуць наведаць музей народнай архітэктуры і побыту Строчыцы, сядзібны комплекс “Сула”, “Дудуткі”, “Дукора”, вёска-музей "Заброддзе", этнакультурны музей “нанасы-Наваселле”, . Гэта наш наступны прыпынак ў падарожжы. (сям’я Лапко)

Давайце правядзём віктарыну на лепшага знаўца нашай Радзімы.

  1. Якія ўсходнеславянскія плямёны былі продкамі беларускага народа? (Дрыгавічы, крывічы, радзімічы);
  2. Якое самае распаўсюджанае дрэва на тэрыторыі Беларусі? (сасна);
  3. Чаму дзень 26 красавіка 1986 г. ўвайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак 20 стагоддзя? (Чарнобыльская аварыя);
  4. Што такое дзяжа? (Посуд для заквашвання цеста);
  5. Імя першай асветніцы, полацкай князёўны. Першая жанчына, кананізаваная праваслаўнай царквой у святыя.(Ефрасіння Полацкая);
  6. Марка бытавой тэхнікі, што выпускаюць у Мінску? (Атлант);
  7. Заснавальнік ансамбля “Песняры” (Ул. Мулявін);
  8. Як называлася першая газета, якая пачала выходзіць на Стаўбцоўчыне? (Прамень);
  9. Полацкая князёўна, дачка князя Рагвалода. (Рагнеда);
  10. Мужчынскі галаўны ўбор з казырком. (Картуз);
  11. Лялечны тэатр, вядомы з 16 стагоддзя. (Батлейка);
  12. Імя пісьменніка, які нарадзіўся ў в. Вязынка? (Я. Купала);
  13. Імя галоўнага бога ў язычніцкай рэлігіі беларусаў? (Сварог – бог неба);
  14. У народзе існавала Перунова свята, якое адзначалі 2 жніўня. А якое свята цяпер святуюць беларусы? (Ілля);
  15. Пісьменнік, якому належыць твор “Зямля пад белымі крыламі”?

(Ул. Караткевіч);

  1. Звычай, калі восеньскімі ці зімовымі вечарамі дзяўчаты збіраліся папрацаваць у адной хаце. (Вячоркі);
  2. Самае вялікае возера ў Беларусі? (Нарач);
  3. Каму належаць словы “Мой родны кут, як ты мне мілы…”? (Якубу Коласу).

Дзякуй за вашы правільныя адказы.

 

Беларусь — краіна талерантная і шматканфесіянальная. Тут можна сустрэць цэрквы, касцёлы, сінагогі і мячэці. Гэта Барысаглебская царква ў г. Гродна, касцёл Святой Троіцы ў Гервятах, царква Святога Міхаіла ў Сынкавічах, Сафійскі сабор у Полацку, Касцёл Святога Юзафа ў Рубяжэвічах, сінагогі ў Гродне, Быхаве і Слоніме. Дадзеным мясцінам прысвечаны наш наступны прыпынак.

І ў родным Стаўбцоўскім раёне ёсць на што паглядзець цікавага і карыснага, што заслугоўвае увагі і захавання.

У ваколіцах Стоўбцаў — зона адпачынку рэспубліканскага значэння, у якую ўвайшлі Коласаўскі дзяржаўны заказнік, турбаза «Высокі бераг»

У XIX стагоддзі тут знаходзілася адна з галоўных прыстаняў на Нёмане, развіваліся рамёствы і будаваліся рачныя судны – віціны. Стаўбцоўчшына – радзіма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і знакамітага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў фальварку Залучча правёў значную частку свайго жыцця паэт Уладзіслаў Сыракомля. Восем гадоў пражыў у Стоўбцах трэці прэзідэнт Ізраіля Залман Шазар, які ў сваёй аўтабіяграфіі з цеплынёй успамінаў мястэчка. Гэтая зямля натхніла Маякоўскага на стварэнне верша пра пашпарт. Каб зразумець усё аўтэнтычнае хараство прынёманскага краю, тут абавязкова трэба пабываць.

Кожны з нас, хто жыве ў Беларусі, павiнен задаць сабе пытанне: што я зраблю сёння, цяпер для сваёй Айчыны, як захаваю ўсё багацце роднай Беларусі, каб гэта змаглі ўбачыць і нашы нашчадкі. (Думкі дзяцей.)

Вось мы і абышлі нашу радзіму, сустрэліся са сваімі продкамі, якія жылі ў цудоўных замках, пабачылі прыгожую прыроду, азёры і рэкі, касцёлы і цэрквы, помнікі трагічнай гісторыі. І дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай сувязі з родным краем, з зямлёй нашых продкаў.

 

Узгадаем, з якімі знакамітымі мясцінамі Беларусі сёння пазнаёміліся?

Што цікавага адзначылі для сабе? Куды б захацелі адправіцца ў падарожжа?

 

Памятайце, ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша дзяржава. І кожны сам павінны задаць сабе пытанне: што асабіста я магу зрабіць для Радзімы?

Беларусь — наша Радзіма, наша любімая зямля. Мы выраслі тут і цяпер жадаю ўсе свае сілы, здольнасці, намаганні ўкласці ў гэту краіну. Я веру, што ў маёй Радзімы вялікая будучыня, і я жадаю будаваць яе разам са сваім народам — беларусамі. Вельмі хочацца, каб мы ў сваіх сэрцах назаўсёды захавалі гордасць, павагу і любоў да роднай зямлі. У Беларусі створаны ўсе ўмовы для шчаслівага жыцця.

А зараз прапануем вам дапоўніць нашу карту тымі мясцінамі, якія сёння ўпаміналіся пад час нашага мерапрыемства. (карткі з адлюстраваннем … размясціць на адпаведнае месца на карце Беларусі)

Беларусь

О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

Зямны паклон табе, Радзіма,

Тваім палям, тваім лясам,

Тваім гасцінцам і шляхам.

Дзякуй за ўвагу.

 

 

свернуть

Вусны часопіс “Бяспека нашага жыцця”

Вусны часопіс

“Бяспека нашага жыцця”

 

Мэта: далучэнне бацькоў да фарміравання ў дзяцей свядомага і адказнага стаўлення да пытанняў асабістай бяспекі.

Задачы: акцэнтаваць увагу бацькоў і навучэнцў да правіл паводзін у надзвычайных сітуацыях; садзейнічаць фарміраванню сур'ёзных адносін да ўласнага жыцця і да бяспекі іншых людзей, захаванню неабходных правіл бяспекі дома, на вуліцы, на транспарце; спрыяць развіваццю ўпэўненасці у сабе, жаданне прыйсці на дапамогу людзям.

 

Ход пасяджэння:

  1. Арганізацыйны момант.
  2. Паведамленне тэмы занятку.

Настаўнік.

Сучаснае жыццё поўнае нечаканасцей, часам непрыемных і часцяком небяспечных. Нярэдкія выпадкі, калі ў цёмным пад'ездзе, на далёкім прыпынку транспарту або ў ціхім скверы здзяйсняюцца рознага роду злачынствы: забойствы, згвалтаванні, нанясенне цялесных пашкоджанняў, рабаванні, разбоі, махлярства і г.д. Калі паводзіць сябе больш асцярожна, то верагоднасць зберагчы сваё жыццё, здароўе ад злачыннства значна ўзрастае.

Тэма пасяджэння “Бяспека нашага жыцця”.

Давайце падумаем, пра што сёння пойдзе гаворка? Пра што б хацелася даведацца? Што ўзнавіць ці замацаваць?

Што такое ўвогуле “бяспека”? (Бяспека — стан абароненасці жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства, дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз, або здольнасць прадмета, з'явы ці працэсу захоўвацца пры разбуральных уздзеяннях. Бяспека – умовы, у якіх знаходзіцца складаная сістэма, калі дзеянне знешніх і ўнутраных фактараў не прыводзіць да працэсаў, якія лічацца негатыўнымі ў адносінах да дадзенай складанай сістэмы ў адпаведнасці з наяўнымі на дадзеным этапе патрэбамі, ведамі і ўяўленнямі.)

Што значыць “бяспечныя паводзіны”? (бяспечныя паводзіны – гэта паводзіны, якія забяспечваюць бяспеку існавання асобы, а таксама не прыносяць шкоды іншым людзям.)

 

Уступнае слова

Класны кіраўнік: Жыццё - самае каштоўнае, што дадзена чалавеку. Яно даецца з моманту нараджэння ўсім, а ад чалавека ўжо залежыць, наколькі прыгожым і шчаслівым яно будзе. Так, мы не можам ведаць дакладна, дзе пільнуе нас небяспека і якой яна будзе. Але, ведаючы правілы паводзін пры надзвычайных сітуацыях і выконваючы нормы паводзін, мы можам пазбегнуць шматлікіх непрыемнасцей.

- Назавіце, калі ласка, фактары рызыкі, якія пагражаюць нармальнай жыццядзейнасці чалавека.

Усе гэтыя сітуацыі вельмі розныя, і нашы дзеянні ў такіх абставінах таксама адрозніваюцца.

Вынік: Галоўнае – не паддавацца паніцы! Бо менавіта ад нашых правільных дзеянняў залежыць наша жыццё.

Як хутка і правільна прымаць рашэнні, куды звяртацца за дапамогай ў надзвычайных сітуацыях?

Служба выратавання – гэта арганізацыя, якая заўсёды гатова бясплатна прыйсці на дапамогу любому чалавеку. У Службе выратавання працуюць смелыя, высакародныя, моцныя людзі – выратавальнікі.

Але ў першыя хвіліны пасля здарэння кожны чалавек можа сам стаць для сябе службай выратавання.

А калі ён зможа выратаваць сябе, ён зможа аказаць дапамогу і іншым людзям. У нашай школе дзейнічае “Клуб юных выратавальнікаў-пажарных”. Сутнасць клуба заключаецца ў далучэнні дзяцей да вывучэння асноў пажарнай справы.

Прадстаўленне візітоўкі КЮВП, 8, 9 клас.

Настаўнік. Калі вы вучыліся ў пачатковых класах, для бяспекі руху ў школу і дадому малявалі з бацькамі і настаўнікамі маршруты, прычым выбіралі самыя бяспечныя, дзе менш пераходаў праз дарогу. Для чаго вы гэта рабілі? (каб пазбегнуць дарожна-транспартных здарэнняў, нападу злачынцаў і г.д)

Пачынаюцы з ранняга ўзросту кожнаму дзіцяці неабходна вучыцца свядомаму і адказнаму стаўленню да пытанняў асабістай бяспекі, бяспекі іншых людзей. Таму правілы бяспечных паводзін у школе, на вуліцы, у побыце, на прыродзе павінны стаць неад'емнай часткай жыцця дзяцей. Вашы бацькі заўсёды клапоцяцца аб вашай бяспецы, хвалююцца за вас.

Хутка вы адправіцеся ў самастойнае жыццё. Хтосьці паступіць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, хтосьці працягне вучыцца ў школе. Вы будеце самі сабе выбіраць шляхі. Гэта адна з асаблівасцей самастойнага жыцця.

Давайце яшчэ раз успомнім правілы бяспечных паводзін. Зробім гэта ў выглядзе невялікага экзамену, дзе ў якасці настаўнікаў будуць выступаць вашы бацькі.

Таму зараз дадзім слова бацькам.

 

ПРАВІЛЫ ПАЖАРНАЙ БЯСПЕКІ

  1. Як правільна трэба паведаміць аб здарэнні пажарным і выратавальнікам?
  2. Чаму на гарышчы коміны павінны быць заўсёды пабелены?
  3. Якія правілы трэба выконваць, каб не дапусціць узнікнення пажару пры выкарыстанні пячнога ацяплення?
  4. Ці можна адчыняць вокны і дзверы ў хаце ці кватэры падчас пажару?
  5. Калі ў кватэры адбылася ўцечка газу, ці можна ўключаць святло?
  6. Якія правілы пажарнай бяспекі трэба выконваць пры развядзенні вогнішча ў лесе?
  7. Што рабіць, калі лесвіцы ў шматпавярховым доме задымлены?
  8. Як тушыць адзенне, якое загарэлася на чалавеку (на самім сабе)?
  9. Якімі сродкамі пажаратушэння павінен быць забяспечаны кожны дом ці кватэра?
  10. Што неабходна зрабіць, калі выходзіш з кватэры (дома), каб не дапусціць пажар?
  11. Якія правілы пажарнай бяспекі трэба выконваць пры ўстаноўцы навагодняй ёлкі?
  12. Якія меры трэба прыняць, каб не дапусціць пажар з-за свавольства дзяцей з агнём?
  13. Як выйсці з памяшкання, запоўненага дымам?
  14. Якія вашы дзеянні пры загаранні тэлевізара?
  15. Назавіце асноўныя прычыны пажараў у быце.

 

ПРАВІЛЫ ПАВОДЗІН Ў НАДЗВЫЧАЙНЫХ СІТУАЦЫЯХ НА ВУЛІЦАХ:

  1. Які асноўны сігнал абвесткі Грамадзянскай абароны Вы ведаеце? Назавіце парадак падачы сігналу Грамадзянскай абароны “Увага ўсім!”
  2. Што трэба зрабіць пры атрыманні сігналу Грамадзянскай абароны “Увага ўсім!”?
  3. Што варта зрабіць пры неабходнасці эвакуацыі?
  4. Назавіце вашыя дзеянні, калі Вы апынуліся ў заложніках?
  5. Якія вы ведаеце бяспечныя хованкі на вуліцы і адносна бяспечныя месцы ў доме?
  6. Што трэба зрабіць у выпадку хімічных апёкаў скуры?
  7. Вашы дзеянні, калі вы знайшлі падазроны прадмет?
  8. Падчас урагану, буры, смерчу вы апынуліся на вуліцы….

 

ПРАВІЛЫ БЯСПЕЧНЫХ ПАВОДЗІН Ў БЫЦЕ:

  1. Як пазбегнуць атручванняў прэпаратамі бытавой хіміі?
  2. Вы разбілі ў пакоі тэрмометр. Што зрабіць, каб ртуць не прычыніла шкоды вашаму здароўю?
  3. Чым небяспечная ртуць?
  4. Якія вашы дзеянні пры ўзгаранні тэлевізара?
  5. Назавіце асноўныя прычыны пажараў у побыце.
  6. Што рабіць, калі лесвіцы ў шматпавярховым доме задымлены?

 

ПРАВІЛЫ ПАВОДЗІН З НЕЗНАЁМЫМІ ЛЮДЗЬМІ НА ВУЛІЦАХ

  1. Які асноўныя правілы выбару бяспечнага шляху дадому.
  2. Як трэба ісці па тратуары або абочыне?
  3. Вашы дзеянні, калі каля вас спынілася машына і кіроўца стаў паводзіць сябе агрэсіўна?
  4. Чаму не рэкамендуецца слухаць на вуліцы аўдыяплэер, падыходзіць блізка да аўтамабіляў, якія стаяць.
  5. Што рабіць, калі вы пачулі крокі за спіной, і вам здаецца, што нехта спрабуе вас дагнаць?
  6. Што вы будзеце рабіць, калі злачынец усё ж такі дагнаў і схапіў за рукі?
  7. Вашы дзеянні, калі вы знайшлі падазроны прадмет?
  8. Вашы дзеянні, калі ў гарадскім транспарце незнаёмы чалавек спрабуе завесці з вамі знаёмства.
  9. Якія злачынствы ў асноўным здзяйсняюцца ў пасажырскім транспарце? Як іх пазбегнуць?
  10. Як паводзіць сябе, калі вам патэлефанаваў незнаёмы чалавек і папрасіў паклікаць каго-небудзь з бацькоў, а іх у гэты час няма дома?

Класны кіраўнік. Дзякуй бацькам за гэты экзамен.

 

Замацаванне атрыманых ведаў

Мы паўтарылі гэтыя правілы. Арганізуем ролевыя гульні, дзе нехта будзе ў ролі злачынцы, а іншы – пазбягаць непрыемнасцей.

Наступныя сітуацыі: злачынец прапаноўвае сесці ў машыну з нейкай мэтай;

прапанова дапамагчы преранесці або перадаць незнаёмы прадмет;

прапанова пазнаёміцца;

прапанова паспрабаваць незнаёмае рэчыва;

просьба незнаёмага паказаць пэўную вуліцу, месца.

 

Абагульненне, падвядзенне вынікаў.

Правілы беспечных паводзін узгадалі. Зараз выканаем заданне, дзе неабходна ўзнавіць прапушчаныя словы.

Бяспека — стан ___________ жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства, дзяржавы ад _________________ пагроз

__________________ – гэта паводзіны, якія забяспечваюць бяспеку існавання асобы, а таксама не прыносяць шкоды іншым людзям.

Нельга распальваць дровы ў печы _________ і іншымі вогненебяспечнымі рэчывамі.

Калі выходзіце з кватэры (дома) неабходна выключыць ______________ зачыніць _______________________.

Пры пажары забараняецца карыстацца __________, спрабаваць спусціцца самастойна па _______________.

Пры неабходнасці эвакуацыі варта: сабраць ______________________, прадметы першай неабходнасці; прыгатаваць запас ________________________; зачыніць вокны, перакрыць газ, ваду адключыць электраэнергію, зачыніць за сабой дзверы.

Калі вы знайшлі падазроны, выбухованебяспечны прадмет неабходна ___________________________________________________________________________.

Калі вы разбілі ў пакоі градуснік неабходна з дапамогай __________ сабраць ртутныя шарыкі ў _____________________, закрыць ____________________, апрацаваць паверхню _______________________, адкрыць вокны і дзверы, каб выветрыць памяшканне. Ртуць здаць _________________.

Пры выбары маршруту дадому пазбягаць кароткіх дарог, якія праходзяць праз ___________________, дрэнна асветленыя вуліцы, а таксама ўчасткі, якія зараслі _____________. Лепш зняніць маршрут, але ісці праз __________ месцы. У цёмных і дрэнна асветленых кварталах хадзіце па _________________ вуліцы.

Калі вы выходзіце з хаты, паклапаціцеся пра тое, каб _______ ведалі, пра __________________________________________.

 

Рэфлексія.

Настаўнік. У пачатку нашага занятку, кожны з вас выказаў тое, пра што ён хацеў бы даведацца. Ці апраўдаліся вашы надзеі?

Што б вы хацелі пажадаць ўсім удзельнікам паседжання. На апошняе, хачу пажадаць вам быць пільнымі і не трапляць пад уплыў злачынных элементаў (злодзеяў, забойцаў, гвалтаўнікоў, ашуканцаў). А таксама не быць абыякавымі да людзей, якія трапілі ў бяду.

Дзякуй за работу!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Распрацавала:

класны кіраўнік 9 класа

Лявончык Н. А.

свернуть

Методические материалы по безопасности для использования в работе при проведении классных часов, родительских собраний